Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран спыняе супрацу з МАГАТЭ, якое патрабуе допуску на пашкоджаныя ядзерныя аб’екты краіны


Іранскі завод узбагачэньня ўрану ў Фардо пасьля амэрыканскага ўдару. Ілюстрацыйнае фота
Іранскі завод узбагачэньня ўрану ў Фардо пасьля амэрыканскага ўдару. Ілюстрацыйнае фота

Парлямэнт Ірану ўхваліў праект закону аб прыпыненьні супрацы зь Міжнародным агенцтвам атамнай энэргіі (МАГАТЭ) пасьля атакі ЗША на ядзерныя аб’екты краіны.

Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на дзяржаўнае агенцтва Ірану Nournews,
цяпер гэты дакумэнт мусіць ухваліць орган улады пад назвай Рада вартавых Канстытуцыі.

Праект закону прадугледжвае, што будучыя інспэкцыі МАГАТЭ могуць адбывацца толькі са згоды Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану.

У той жа час генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі зноў заявіў аб неабходнасьці вяртаньня інспэктараў арганізацыі на ядзерныя аб’екты Ірана для ацэнкі наступстваў удараў ЗША і Ізраілю і праверкі запасаў узбагачанага ўрану. (Была інфармацыя аб тым, што Іран перад атакай перамясьціў 400 кіляграмаў узбагачанага ўрану ў іншае месца. — РС.)

«Гэта прыярытэт нумар адзін», — працытавала агенцтва Reuters Рафаэля Гросі.

ВПС ЗША нанесьлі масаваны ўдар па ядзерных аб’ектах Ірану ў Натанзе, Фардо і Ісфагане ў ноч на 22 чэрвеня. Для атакі амэрыканскія вайскоўцы выкарысталі 75 высокадакладных кіраваных боепрыпасаў, у тым ліку 14 супрацьбункерных бомбаў GBU-57 — гэта было іх першае выкарыстаньне. Апэрацыя атрымала назву «Паўночны молат».

У МАГАТЭ пацьверділі падземныя пашкоджаньні аб’ектаў, але не змаглі ацаніць маштабаў. Найбольшую трывогу выклікаюць вынікі ўдараў па ядзерным аб’екце ў Фардо.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG