Такую заяву зрабіў падчас свайго першага выступу ў Радзе па правах чалавека ААН 26 чэрвеня Нілс Муйжніекс, нядаўна прызначаны Спэцыяльным дакладчыкам у пытаньні аб правах чалавека ў Беларусі.
Штогадовы даклад, прадстаўлены спадаром Муйжніексам Радзе, ахоплівае пэрыяд з 1 красавіка 2024 году па 31 сакавіка 2025 году. За гэты час у Беларусі прайшлі прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня 2025 году, па выніках якіх Аляксандр Лукашэнка быў абвешчаны прэзыдэнтам на сёмы тэрмін.
«Мая папярэдніца адзначала ў адным са сваіх дакладаў, што выбары — каталізатар парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Гэта пацьвердзілася і падчас майго мандату. Чым бліжэй выбары, тым мацней рэпрэсіі, — адзначыў Нілс Муйжніекс. — Улады ня толькі перасьледуюць людзей, якія ўцяклі за мяжу, але і ўсё часьцей канфіскуюць іх маёмасьць у Беларусі», — дадаў ён.
Муйжніекс апісаў змрочную карціну сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, уключаючы маштабныя палітычна матываваныя судовыя перасьледы; жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі, уключаючы працяглыя затрыманьні бяз сувязі са зьнешнім сьветам і гендэрны гвалт у дачыненьні да жанчын-вязняў; і неаднаразовае падаўжэньне тэрмінаў зьняволеньня па абвінавачваньні ў «злосным непадпарадкаваньні» адміністрацыям месцаў пазбаўленьня волі.
Гаворачы аб нядаўніх хвалях прэзыдэнцкіх памілаваньняў, Нілс Муйжніекс адзначыў, што агульная колькасьць несправядліва асуджаных да турэмных тэрмінаў застаецца нязьменнай, паколькі рэпрэсіі працягваюцца. Больш за тое, памілаваньні часам суправаджаюцца новымі парушэньнямі правоў чалавека, у тым ліку прымусам зьняволеных да ўдзелу ў прапагандысцкіх відэароліках або падпісаньні пагадненьняў аб супрацоўніцтве з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі ў якасьці ўмовы вызваленьня.
Ён выказаў шкадаваньне аб тым, што беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць зь яго мандатам, ігнаруючы яго просьбы аб наведваньні краіны і падаючы фармальныя і неінфарматыўныя адказы на паведамленьні, якія ён накіроўвае сумесна з тэматычнымі спэцыяльнымі працэдурамі.
Хто такі Нілс Муйжніекс
11 кастрычніка 2024 году ў Жэнэве на паседжаньні 57-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН на пасаду спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі быў прызначаны Нілс Муйжніекс, экспэрт у сфэры абароны правоў чалавека з 25-гадовым досьведам.
Раней Муйжніекс займаў пасаду камісара ў пытаньнях правоў чалавека ў Радзе Эўропы, узначальваў рэгіянальнае прадстаўніцтва Amnesty International у Эўропе і супрацоўнічаў зь беларускімі праваабаронцамі.
Муйжніекс нарадзіўся 31 студзеня 1964 году ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латыскіх эмігрантаў. Доктар паліталёгіі (Каліфарнійскі ўнівэрсытэт), атрымаў таксама ступень магістра мастацтваў у Прынстанскім унівэрсытэце.
Быў праграмным дырэктарам у Фондзе Сораса ў Латвіі, дырэктарам Латвійскага фонду правоў чалавека, міністрам Латвіі з сацыяльнай інтэграцыі, барацьбы з дыскрымінацыяй і правоў меншасьцяў. Працаваў на Радыё Свабода.
Быў старшынём Эўрапейскай камісіі супраць расізму і нецярпімасьці, дакладчыкам камісіі па сытуацыі ў Польшчы, Нідэрляндах і Славаччыне.
У 2012–2018 гадах быў камісарам Рады Эўропы ў правах чалавека. З чэрвеня 2020 году працаваў рэгіянальным дырэктарам міжнароднай арганізацыі Amnesty International па Эўропе.
Родныя мовы — латыская і ангельская, свабодна валодае расейскай і францускай.
Мандат дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі
Спэцыяльны дакладчык ААН праводзіць незалежны маніторынг таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі, рэгулярна рыхтуе рэкамэндацыі для паляпшэньня становішча. Ён таксама сочыць за выкананьнем міжнародных абавязаньняў Рэспублікі Беларусь у сфэры шанаваньня і захаваньня правоў чалавека.
- Мандат спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод падаўжаецца (апошні раз у кастрычніку 2024 году).
- Зь лістапада 2018 году пасаду займала францужанка Анаіс Марэн, яна пакінула яе 1 лістапада 2024 году. Ейны апошні на пасадзе даклад «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» быў разгледжаны на 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку таго ж году.
- Спэцыяльны дакладчык працуе на грамадзкіх асновах. Улады Беларусі не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць зь ім. Анаіс Марэн не запрашалі ў Беларусь.
Форум