Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік ужо пяць гадоў за кратамі

Ігар Лосік, архіўнае фота

25 чэрвеня 2025 году спаўняецца пяць гадоў з моманту затрыманьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка. Ад восені 2024 году Ігара трымаюць ў СІЗА КДБ у Менску. Інфармацыі аб яго стане вобмаль.

Журналіста Свабоды Ігара Лосіка арыштавалі ў яго дома ў Баранавічах раніцай 25 чэрвеня 2020 году, за паўтара месяца да дня прэзыдэнцкіх выбараў. Суд у справе Ігара скончыўся ў сьнежні 2021 году. Журналіста судзілі разам з папулярным блогерам і патэнцыйным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеем Ціханоўскім, апазыцыйным палітыкам Міколам Статкевічам і іншымі вядомымі палітвязьнямі. Вынікам працэсу быў прысуд у выглядзе 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальваньні варожасьці».

Праваабарончыя арганізацыі прызналі крымінальную справу і прысуд Ігару Лосіку палітычна матываванымі, а яго самога — палітычным зьняволеным.

За пяць гадоў зьняволеньня Ігар двойчы абвяшчаў галадоўку і двойчы спрабаваў нанесьці сабе цялесныя пашкоджаньні, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду і прэсінгу ў калёніі.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стыў Капус зрабіў заяву ў пятую гадавіну зьняволеньня Ігара Лосіка:

«Ігар Лосік страціў пяць гадоў жыцьця празь несправядлівае, жорсткае зьняволеньне пад вартай беларускіх уладаў. Ягоная сям’я была разбураная проста таму, што ён хацеў забясьпечыць беларусам доступ да праўдзівай, незалежнай інфармацыі.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Трамп прадэманстраваў сапраўднае лідэрства, дамогшыся вызваленьня 14 бязьвінных людзей зь беларускіх турмаў, дзе большасьць зь іх трымалі ў ізаляцыі і безь ніякіх кантактаў з вонкавым сьветам. Жахлівая жорсткасьць, ад якой пакутуе Ігар Лосік, павінна спыніцца сёньня ж, і ён павінен быць неадкладна вызвалены без аніякіх умоваў».

Большую частку зьняволеньня Лосік правёў у наваполацкай калёніі, адміністрацыя якой паўтара году не дазваляла палітвязьню камунікаваць з роднымі і атрымліваць перадачы. Паводле зьвестак ад былых зьняволеных, у калёніі Ігара часта каралі зьмяшчэньнем у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая «чорная зона» са 150 палітвязьнямі. Расказваем пра калёнію, дзе Ігара Лосіка ўжо год трымаюць бяз сувязі з роднымі

Усе чатыры адвакаты Ігара Лосіка мусілі або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй. У кастрычніку 2022 году сілавікі арыштавалі жонку Ігара Дар’ю Лосік. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Дар’я ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» расказала пра справу мужа і ўмовы, у якіх яго ўтрымліваюць. Дар’ю абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі. У ліпені 2024 году яна выйшла на волю.

У красавіку 2025 году сілавікі затрымалі малодшага брата Ігара — 25-гадовага Мікіту Лосіка. Яго вінавацяць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі малодшага брата палітвязьня Ігара Лосіка — Мікіту, вінавацяць у перасыланьні фота «Беларускаму гаюну»

Дачцэ Ігара Лосіка Паўліне сёлета споўнілася 6 гадоў. На момант арышту Ігара ёй было крыху больш за год.

Вызваленьня Ігара Лосіка дамагаюцца міжнародныя арганізацыі, урады і палітыкі дэмакратычных краін: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Рабочая група ААН, Эўрапарлямэнт, Хэльсынская камісія і Камісія правоў чалавека імя Тома Лантаса Кангрэсу ЗША і інш.

У траўні сусьветная кааліцыя мэдыяарганізацыяў One Free Press Coalition уключыла Ігара ў сусьветны топ-10 зьняволеных журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігара Лосіка ўключылі ў сусьветны топ зьняволеных журналістаў