«За веру, цара і трыадзіную Русь!» Слонімская брыгада выкарыстоўвае імпэрскія сьцягі, у тым ліку для навучаньня дзяцей

У Слоніме, дзе месьціцца адна з буйных беларускіх вайсковых частак, поруч з афіцыйнымі сьцягамі ўсё часьцей бачныя сьцягі з расейскімі імпэрскімі лёзунгамі і рэлігійнымі выявамі, вядомымі па вайне ва Ўкраіне. Такая сымболіка зьяўляецца як на тэхніцы, так і падчас акцыяў з удзелам школьнікаў. Свабода разьбіралася, хто за гэтым стаіць.

У пачатку чэрвеня ў 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе (вайсковая частка № 33933), што месьціцца ў Слоніме, праходзіў агляд гатоўнасьці вайскоўцаў да навучальнага году.

Гэта звычайныя плянавыя мерапрыемствы. Але падчас шыхтаваньня і агляду танкавага батальёну брыгады, акрамя дзяржаўных сьцягоў і савецкага «сьцяга Перамогі» зь сярпом і молатам, на фатаздымках відаць не зусім звычайную для беларускіх вайскоўцаў сымболіку. На вежы аднаго з танкаў у той дзень вісеў сьцяг з абразом Маці Божай і надпісам: «За веру Христову! За народъ русскій!»

Шыхтаваньне і агляд танкавага батальёну 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады. Акрамя дзяржаўных сьцягоў і савецкага «знамени Победы», на фатаздымках заўважны сьцяг з абразом і тэкстам «За веру Христову! За народъ русскій!». Каляж

Такі сьцяг цяпер часам выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне. У інтэрнэт-крамах яго можна лёгка набыць і ў Беларусі. Часта ён так і называецца — «расейскі імпэрскі сьцяг». Адна з расейскіх інтэрнэт-пляцовак, дзе прадаюцца гэтыя сьцягі, зьмяшчае кароткае тлумачэньне да тавару:

«На сёньняшні дзень можна казаць аб тым, што ў асяродзьдзі расейскага народу зарадзіўся адносна новы рух, асноўная сутнасьць якога зводзіцца да разьвіцьця расейскай культуры, расейскай мовы, аднаўленьня традыцыйных праваслаўных каштоўнасьцяў, якія панавалі на тэрыторыі Кіеўскай Русі, пасьля — Расейскай імпэрыі», — гаворыцца на сайце інтэрнэт-крамы.

Гэта ня першы выпадак выкарыстаньня ў слонімскай брыгадзе нетрадыцыйных для беларускай арміі сьцягоў.

Імпэрскія сьцягі для навучаньня дзяцей

У лютым 2023 году на базе згаданай 11-й мэханізаванай брыгады пры ўдзеле слонімскай сярэдняй школы № 9 быў створаны дзіцячы вайскова-патрыятычны клюб «Грэнада». Як паведамляла дзяржаўная газэта «СБ. Беларусь сегодня», адбылося гэта пры спрыяньні ўпраўленьня адукацыі Слонімскага раёну і мясцовай япархіі РПЦ. Кіраўніком клюбу «Грэнада» прызначылі пэнсіянэра і падпалкоўніка запасу Віктара Пензу.

Асноўныя задачы, якія ставілі мясцовыя чыноўнікі перад вайскова-патрыятычным клюбам, — фармаваньне «рознабакова разьвітай, маральна сьпелай асобы, выхаваньне высокай грамадзянскай адказнасьці». Праца плянавалася ў кірунках вайскова-гістарычнага краязнаўства і фізычнай падрыхтоўкі.

Няглядзячы на гэта, на фота з трэніровак школьнікаў — удзельнікаў клюбу «Грэнада» можна заўважыць багацьце савецкай і расейскай імпэрскай сымболікі. Часам дзецям дэманструюць нават сымболіку сучаснай расейскай арміі зь літарай Z — сымбалем расейскай агрэсіі супраць Украіны. Дзяцей даволі часта можна заўважыць са сьцягам з выявай Хрыста і надпісам «За веру, цара і сьвятую трыадзіную Русь!».

Заняткі вайскова-патрыятычнага клюбу «Грэнада» на тэрыторыі 11-й мэханізаванай брыгады ў Слоніме. Школьнікі трымаюць сьцяг з надпісам «За веру, царя и святую триединую Русь!». Каляж.

З гэтым сьцягам школьнікі, напрыклад, маршавалі па цэнтральнай вуліцы Слоніму 9 траўня сёлета, у 2024-м удзельнічалі ў раённым зьезьдзе моладзі і дзяцей «Вэктар на адзінства», у рэспубліканскім спартовым сьвяце «Вытокі» пры ўдзеле Віктара Лукашэнкі, на адкрыцьці стадыёну Слонімскай 11-й мэханізаванай брыгады пры ўдзеле міністра абароны Віктара Хрэніна.

Міністар абароны Віктар Хрэнін паціскае руку кіраўніку вайскова-патрыятычнага клюбу «Грэнада» на фоне сьцяга «За веру, царя и святую триединую Русь!», які трымаюць выхаванцы клюбу на адкрыцьці стадыёну Слонімскай 11-й мэханізаванай брыгады. 23 лістапада 2024 году

Аналягічны сьцяг, з рознымі варыяцыямі надпісаў і бязь іх, выкарыстоўваюць расейскія вайскоўцы на вайне ва Ўкраіне. Напрыклад, 5 красавіка 2022 году пры акупацыі ўкраінскага Херсону менавіта яго ўзьнялі на будынку абласной адміністрацыі — як знак поўнага захопу гораду.

Выява Хрыста на сьцягу старажытная, яе шануюць хрысьціяне ўва ўсім сьвеце, а называецца яна «Спас Нерукатворны». Але, як адзначыў у камэнтары Свабодзе беларускі гісторык Яўген Красулін, зь цягам часу сьцягі з такім абразом пачало выкарыстоўваць у сваіх захопніцкіх войнах Маскоўскае княства, напрыклад Іван IV Жахлівы, а ў часы Расейскай імпэрыі гэты абраз стаў адным з сымбаляў расейскага войска. Новую папулярнасьць сьцягі з выявай «Спаса Нерукатворнага» у Расеі здабылі ў апошнім дзесяцігодзьдзі, асабліва з пачаткам вайны ва Ўкраіне ў 2014 годзе. У тым ліку іх выкарыстоўвалі і прарасейскія сэпаратысты на Данбасе. Як адзначае экспэрт, з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне расейская ўлада ператварыла абраз «Спаса Нерукатворнага» ў сродак вайсковай мабілізацыі.

Сьцяг з выяваю «Спаса Нерукатворнага» на вежы аднаго з расейскіх танкаў на вайне ва Ўкраіне. Такі ж самы сьцяг выкарыстоўваюць у слонімскім вайскова-патрыятычным клюбе «Грэнада» для навучаньня дзяцей. Скрыншот зь відэа тэлеграм-каналу «Движение Сорок Сороков (ZOV)»

І сапраўды, Расейская праваслаўная царква і Міністэрства абароны Расеі цяпер называюць «Спаса Нерукатворнага» галоўнай іконай Узброеных сілаў РФ. Адзін з такіх сучасных абразоў, стварэньне якога нібыта прафінансаваў Уладзімір Пуцін, возяць з набажэнствамі для вайскоўцаў па ўсёй Расеі, а яго копіі Пуцін дорыць «вайскоўцам у Херсонскай вобласьці і Луганскай Народнай Рэспубліцы».

Свабода папрасіла пракамэнтаваць выкарыстаньне двух згаданых сьцягоў з абразамі сьвятара беларускага праваслаўнага прыходу Сусьветнага патрыярхату ў Вільні айца Аляксандра Кухту. Ён сам правёў частку свайго дзяцінства ў Слоніме.

«Я, калі быў у Беларусі, назіраў такія сьцягі ў розных патрыятычных клюбах. У бальшыні сваёй яны йшлі з боку Расеі, Расейскай праваслаўнай царквы. Нават больш ад такіх „чарнасоценцаў“, зь якіх, як мне здавалася, усе рагаталі і сьмяяліся. Хто ўсур’ёз мог тады ўспрымаць вось такія сьцягі Расейскай імпэрыі? Але вось як яно абярнулася — вайной».

Суразмоўца задаецца пытаньнем: што тут робяць абразы?

«У маім разуменьні гэта гісторыя не пра абразы, а пра падмену сымбаляў, — кажа айцец Аляксандар Кухта. — Як падчас Другой сусьветнай вайны ў нямецкіх салдатаў-захопнікаў на рамянях былі надпісы „З намі Бог!“. Каб кожны вайсковец ведаў, што справа, якую ён робіць, гэта ня проста гвалт, а нібыта вычын, асьвечаны самім Богам. То бок гэта спроба зрабіць Бога інструмэнтам сваёй прапаганды. Тое ж самае мы назіраем з гэтымі сьцягамі. Спроба зрабіць царкву дзяржаўным дэпартамэнтам духоўнай мабілізацыі, у тым ліку праз такія сьцягі».

Сьвятар называе гэта «блюзьнерствам, якое ніякага дачыненьня да хрысьціянства, да Хрыста і царквы ня мае».

Такія ж сьцягі, што былі заўважаныя ў выкарыстаньні 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады, дэманструюць актывісты расейскага радыкальнага праваслаўнага руху «Сорак саракоў» перад адпраўкай разам з дронамі для дапамогі расейскай арміі на вайне з Украінай.

«Хрысьціянскія іконы — гэта вобраз любові, самаахвярнасьці, міру. А калі ікону ператвараюць у баявы сьцяг для падрыхтоўкі дзяцей ці выкарыстоўваюць на вайне, як мы цяпер гэта бачым, яна перастае быць іконай. Гэта ўжо ідал, які проста прыкрывае культ сілы», — кажа айцец Аляксандар Кухта.

Паводле гісторыка Яўгена Красуліна, сам выраз «За святую триединую Русь!» на сьцягу адмаўляе суб’ектнасьць і незалежнасьць Беларусі.

«Гэта канцэпцыя часу Расейскай імпэрыі. Расейцы разглядаюцца як адзінства трох народаў: велікаросаў — цяперашнія расейцы, маларосаў — украінцы, і беларусаў. Тое, што ў часы Расейскай імпэрыі падавалі як такое адзінства. І цяпер пад гэтым сьцягам імкнуцца зьліквідаваць Украіну, зьліквідаваць Белаурусь, кансалідаваць рэсурсы для далейшай агрэсіі. Гэты сьцяг пра татальную вайну і вынішчэньне ідэнтычнасьці ўкраінцаў і беларусаў».

Вайсковы пэнсіянэр і слонімская школа

Сярэдняя школа № 9, што далучылася да стварэньня згаданага намі клюбу «Грэнада», месьціцца ў слонімскім мікрараёне, які мясцовыя называюць «Энка» (ад назвы турэцкага будаўнічага падрадніка ENKA). Будаваўся ён ў 1990-я для вайскоўцаў, якіх з распадам Савецкага Саюзу пераводзілі з Усходняй Нямеччыны ў Беларусь. Для дзяцей гэтых вайскоўцаў тут пабудавалі школу.

Свабода пагутарыла з былым жыхаром Слоніму Максімам (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), які нарадзіўся ў гэтым мікрараёне і хадзіў у 9-ю школу ў 2000-х гадах. Ён прыгадаў, як у 1997 годзе з ініцыятывы вайсковага пэнсіянэра Віктара Пензы на базе СШ № 9 стварылі першую ў Беларусі кадэцкую клясу.

Віктар Пенза з выхаванцамі клюбу «Грэнада»

«У 1990-я і 2000-я гэта нікога не напружвала. Лічылася, што туды ідуць тыя, хто ня здолеў паступіць у іншыя профільныя клясы. У Вайсковую акадэмію заўсёды былі ніжэйшыя прахадныя балы. Можна было пайсьці ў кадэцкую клясу, каб потым трапіць у Вайсковую акадэмію, а затым стаць вайскоўцам і мець адносна высокі заробак. Такі слонімскі сацыяльны ліфт», — тлумачыць суразмоўца.

Як адзначае Максім, на жыцьцё гораду з насельніцтвам пад 45 тысяч чалавек не магло не паўплываць разьмяшчэнне тут амаль 7-тысячнай вайсковай брыгады. Пагатоў недалёка знаходзяцца яшчэ два вайсковыя палігоны, у тым ліку адзін з найбуйнешых у Беларусі Обуз-Лясноўскі палігон. Максім дадае, што не застаўся незаўважаным у горадзе і вывад 11-й брыгады на мяжу з Украінай у 2022 годзе.

«Эканамічны і мэнтальны ўплыў вельмі моцны, бо навокал, напрыклад, ходзяць людзі ў вайсковай форме. У 11-й брыгадзе служаць шмат выпускнікоў Слонімскага кадэцкага корпусу», — дадае былы жыхар Слоніму.

«Праз нашыя дзьверы выйшлі больш за 200 афіцэраў, шмат якія служаць тут, у Слоніме. Траціна мясцовай міліцыі, напэўна, таксама складаецца з нашых выпускнікоў», — апавядаў кіраўнік «Грэнады» Віктар Пенза у інтэрвію дзяржаўнай газэце «СБ. Беларусь сегодня» ў красавіку сёлета.

Віктар Пенза

«Віктар Пенза абсалютна савецкі чалавек, павернуты на расейскасьці, павернуты на царызьме, — дзеліцца з Свабодай былы жыхар Слоніму Максім, які бываў зь Віктарам Пензам на занятках. — Па поглядах ён як Гіркін (камандзір атраду расейцаў, якія захапілі ў красавіку 2014 году горад Славянск у Данецкай вобласьці Ўкраіны, пасьля — „міністар абароны“ так званай „ДНР“. — РС). То бок „мы за моцную трыадзіную Расею“. Я б сказаў, што ён бачыць сваю ролю ў выхаваньні вайсковай расейскай мэнтальнасьці. І ў яго гэта вельмі добра атрымлівалася».

Адзначэньне выхаванцамі «Грэнады» дню мотастралковых войскаў у Слоніме пры ўдзеле вайскоўцаў з 11 брыгады. Школьнікі трымаюць чорна-жоўта-белы сьцяг Расейскай Імпэрыі. 16 верасьня 2023 году

Наш суразмоўца таксама ўзгадвае, што ў клясах, дзе займаліся кадэты яшчэ ў 2000-я, вісеў плякат «За Веру, Царя и Отечество!», але ня ўсе школьнікі разумелі яго сэнс:

«Гэта як плякат „Пачысьці зубы!“ Але, зразумела, калі такі плякат вісіць перад вачыма круглы год, то гэта, напэўна, неяк уплывала на дзяцей. А пасьля вялікая частка зь іх будуе кар’еру ў войску і нават у спэцслужбах».

Выхаванцы «Грэнады» у форме Расейскай імпэрыі на выставе «Вайсковая атрыбутыка» ў Слонімскім краязнаўчым музэі. Разам зь імі Віктар Пенза і вайсковы пэнсіянэр Міхаіл Харчанка. На сьцяне шаўроны расейскай арміі зь літарай Z, дзеці трымаюць расейскі чорна-жоўта-белы імпэрскі сьцяг.

Паводле зьвестак «Кібэрпатызанаў», сын Віктара Пензы Андрэй — супрацоўнік упраўленьня вайсковай контравыведкі КДБ (в/ч 64171). Яго можна было пабачыць на кадрах з паседжаньня калегіі Дзяржаўнага памежнага камітэту, прысьвечанага «напружанай» вайскова-палітычнай сытуацыі на межах Беларусі з NATO.

Сам Віктар Пенза прапагандаваў расейшчыну ня толькі ў Слоніме. Прыкладна з 2013 па 2021 год ён працаваў у сярэдняй школе № 35 Берасьця. І там таксама паўдзельнічаў у стварэньні кадэцкага корпусу, які зьвязаў з Аляксандраўскім Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусам часоў Расейскай імпэрыі. З ініцыятывы Пензы ў 2019 годзе аднавілі харугву гэтага вайсковага фармаваньня з імпэрскім арлом. Супраць гэтага беларусы ініцыявалі онлайн-пэтыцыю «Ахаваем кадэтаў Беларусі ад сымбаляў іншай дзяржавы!».

«Ніхто з гэтай харугвай маршаваць ня будзе — гэта толькі музэйны экспанат», — адказаў у 2019 годзе Віктар Пенза ў камэнтары Нашай Ніве.

Віктар Пенза вядзе заняткі зь берасьцейскімі кадэтамі. На сьцяне вісіць адноўленая харугва часоў Расейскай імпэрыі.

У 2021 годзе Віктар Пенза вярнуўся зь Берасьця ў Слонім і зноў пачаў займацца выхаваньнем дзяцей у школе № 9. У 2022 годзе Лукашэнка выдаў указ аб разьвіцьці вайскова-патрыятычных клюбаў у Беларусі, і ў 2023 годзе пры слонімскай школе адкрыўся клюб «Грэнада», якім кіруе Віктар Пенза. Харугваў з імпэрскім арлом, што выкарыстоўвалі кадэцкія вучэльні на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў часы Расейскай Імпэрыі, цяпер у мясцовых кадэтаў дзьве. Адна зь іх вісіць у школе № 9 побач з сучасным сьцягам слонімскага кадэцкага корпусу з гербам Слоніму.

Першаму намесьніку кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Максіму Рыжанкову пры ўдзеле дырэктаркі слонімскай школы № 9 Сьвятланы Апановіч у 2023 годзе дэманструюць сьцягі, якія выкарыстоўваюць слонімскія кадэты, у тым ліку харугву з імпэрскім арлом.

«А чаго вам так слова „Русь“ перашкаджае?»

Кіраўнік вайскова-патрыятычнага клюбу «Грэнада» Віктра Пенза адмовіўся адказваць на пытаньні Свабоды пра выкарыстаньне расейскіх імпэрскіх сьцягоў у навучаньні беларускіх дзяцей, але запрасіў нас на прыватную размову, «каб вочы ў вочы».

«Калі ўбачыцца — калі ласка, я гатовы паразмаўляць, тлумачыць сваю пазіцыю. У мяне ёсьць пэўныя погляды на гэта. Я ня бачу крыміналу. Русь… А чаго вам так слова „Русь“ перашкаджае? Рускія, украінцы, беларусы — мы што, розныя людзі? Рускія што, ня людзі? А вы людзі? Ладна, ну яго нафіг, я не хачу размаўляць», — сказаў Віктар Пенза.

Журналісты Свабоды таксама дазваніліся ад імя неабыякавага грамадзяніна да намесьніцы дырэктара ў выхаваўчай працы слонімскай школы № 9 Сьвятланы Коваль. Яна сказала, што ніякіх супярэчнасьцяў у выкарыстаньні дзецьмі лёзунгу «За святую триединую Русь!» ня бачыць.

«Ну, па-першае, гэта больш зьвязана зь Беларускай праваслаўнай царквой (Маскоўскага патрыярхату. — РС), бо мы актыўна ўзаемадзейнічаем з слонімскім благачыніем Беларускай праваслаўнай царквы. І ў іх ня толькі гэты сьцяг, у іх ёсьць і іншыя знакі кадэцкай клясы, кадэцкага корпусу», — адказала Сьвятлана Коваль. — Мы саюзная дзяржава з Расеяй, пагадзіцеся. І кадэцкая адукацыя базуецца на нейкіх гістарычных падзеях і гістарычнай пераемнасьці. Мы ўзялі адтуль усё, што было станоўчага, і што адэкватна цяпер у нашых сучасных умовах».

На пытаньне, ці не адмаўляе вокліч «За святую триединую Русь!» самастойнасьць і незалежнасьць Беларусі, Сьвятлана Коваль адказала: «Ну мы ж ня сьцяг расейскі павязалі!»

Протаярэй Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) Вадзім Пятліцкі з слонімскага благачынія, які часта зьяўляецца на мерапрыемствах клюбу і можа мець, як сказала Сьвятлана Коваль, дачыненьне да выкарыстаньня дзецьмі імпэрскай сымболікі, званкі ад Свабоды скідваў ці прапускаў.

Паводле інфармацыі «СБ. Беларусь сегодня», сёньня ў Беларусі дзейнічаюць 67 вайскова-патрыятычных клюбаў, у якіх займаюцца каля дзьвюх тысяч школьнікаў. У Слоніме іх 13, гэта фактычна дваццаць адсоткаў ад агульнай колькасьці такіх клюбаў у краіне. “Грэнада” – адзін зь іх.

«На кагосьці падзейнічае, вядома, хтосьці здольны будзе ўзяць савецкі сьцяг і пайсьці паміраць „за радзіму, за Сталіна“, — адзначае гісторык Яўген Красулін. — А іншыя, як мы бачылі на фатаздымках, могуць пад гэтую кадэцкую ўніформу надзець майкі з Пагоняй. Нармальныя людзі таксама, бывае, зь дзяцінства мараць пра войска, абарону Радзімы. І тут паўстае пытаньне — якую Радзіму яны будуць абараняць? Ці гэта Расейская імпэрыя, ці дэмакратычная Беларусь?».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмізм» — значыць, любоў. Чаму закрываюць усё беларускае?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна і Рада Эўропы падпісалі дамову аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу. Што гэта азначае для Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У абыход санкцыяў. «Белавія» рыхтуецца лятаць на самалётах Airbus