Замах на забойства. Беларусу, які кінуў дзіця на падлогу ў аэрапорце «Шарамецьева», выставілі абвінавачаньне

Аэрапорт «Шарамецьева», у якім адбыўся інцыдэнт. Ілюстрацыйнае фота

У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі, што 31-гадоваму грамадзяніну Беларусі, які кінуў на падлогу двухгадовага хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце, выставілі абвінавачаньне ў замаху на забойства.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, сьледзтва вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Маскоўскай вобласьці. Неўзабаве сьледчыя будуць хадайнічаць перад судом аб арышце грамадзяніна Беларусі.

«На допыце мужчына паведаміў сьледчаму, што знаходзіўся ў аэрапорце транзытам, чакаючы перасадку на наступны рэйс у блізкае замежжа. Патлумачыць прычыны свайго ўчынку абвінавачаны ня змог. У мужчыны ўзялі ўзоры крыві, забралі тэлефон і прадметы адзеньня для прызначэньня экспэртызы», — адзначаецца ў паведамленьні.

Сьледзтва кваліфікавала дзеяньні грамадзяніна Беларусі паводле ч. 3 артыкулу 30 (замах) і пунктаў «в, і» ч. 2 артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу РФ (забойства). Паводле апошняга артыкулу беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 20 гадоў з абмежаваньнем свабоды да двух гадоў, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне.

Паводле зьвестак выданьня «Наша ніва», у справе фігуруе грамадзянін Беларусі Ўладзімер В., ураджэнец пасёлку Новая Гута Гомельскага раёну. Пэўны час працаваў у Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, пасьля пераехаў у Белгарадзкую вобласьць Расеі.

Працаваў на рабочых спэцыяльнасьцях у розных рэгіёнах Расеі. У інтэрнэце ёсьць сьведчаньні, што ён пакідаў некалькі заявак на мікрапазыкі на розныя сумы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які кінуў на падлогу двухгадовага хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце, быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў