ЗША паабяцалі 5 мільёнаў даляраў за інфармацыю пра зьніклага ў Афганістане амэрыканца

Махмуд Шаг Хабібі, архіўнае фота

Злучаныя Штаты Амэрыкі абʼявілі ўзнагароду ў пяць мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая дапаможа знайсьці Махмуда Шага Хабібі, зьніклага ў Кабуле тры гады таму, гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Махмуд Шаг Хабібі — амэрыканскі грамадзянін афганскага паходжаньня. Ён зьнік у Кабуле 10 жніўня 2022 году, з таго часу зьвестак пра яго няма. Ягоная сямʼя і ўрад ЗША лічаць, што яго ўтрымлівае Талібан.

Хабібі да прыходу талібаў да ўлады ў жніўні 2021 году працаваў кіраўніком Управы цывільнай авіяцыі ва ўрадзе Афганістану. Потым заставаўся ў Кабуле і працаваў у амэрыканскай кампаніі.

Сямʼя Хабібі ня ведае, ці яму выставілі абвінавачаньні. Яны лічаць, што прычынай затрыманьня стала амэрыканскае грамадзянства і праца на папярэднія ўлады.

Талібан раней заявіў, што ў іх няма ў зьняволеньні нікога зь імем Махмуд Шаг Хабібі, пісала Афганская служба Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібан» забараніў шахматы ў Аўганістане з «рэлігійных меркаваньняў»

Брат Махмуда Шага Хабібі зьняпраўдзіў паведамленьні ў сацыяльных сетках пра тое, што ягонае затрыманьне зьвязанае зь ліквідацыяй лідэра «Аль-Каіды» Аймана аз-Завагіры.

Айман аз-Завагіры быў забіты амэрыканскім бесьпілётнікам 31 ліпеня 2022 году ў Кабуле. Ён узначальваў тэрарыстычную сетку «Аль-Каіда» пасьля ліквідацыі Ўсамы бін Ладэна ў 2011 годзе. Талібан не выказваўся наконт таго, ці вядзецца расьсьледаваньне ў гэтай справе, а некаторыя ягоныя прадстаўнікі ўвогуле адмаўлялі прысутнасьць Аймана аз-Завагіры ў падкантрольным ім Кабуле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША скасоўваюць часовы статус абароны для афганцаў. Тысячы людзей могуць сутыкнуцца з дэпартацыяй і перасьледам