Стрыжак: Калі прагноз Ціханоўскага спраўдзіцца, спатрэбіцца як найменей 1 мільён эўра на разавыя выплаты палітвязьням

Сузаснавальнік фонду салідарнасьці BYSOL Андрэй Стрыжак. Вызваленьне палітвязьняў, ілюстрацыйны каляж

Якая дапамога патрэбная 14 вызваленым палітвязьням і іх сем’ям? Які час патрэбны былому палітвязьню на рэабілітацыю? Ці магчыма цалкам акрыяць пасьля такой траўмы? Ці зьменшыліся рэпрэсіі ў Беларусі пасьля візыту прадстаўніка Трампа да Лукашэнкі?

Пра гэта ў эфіры «ПіК Свабоды» Ганна Соўсь гутарыла з сузаснавальнікам фонду салідарнасьці BYSOL Андрэем Стрыжаком.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

— Калі гэта адкрытая інфармацыя, якая частка дапамогі BYSOL ідзе праз зборы ад людзей, і якая частка — донарская дапамога?

— Цяпер значна павялічылася інстытуцыйная падтрымка, якая магчымая дзякуючы стварэньню Міжнароднага гуманітарнага фонду. Гэтая структура створаная краінамі поўначы. У першую чаргу гэта Нарвэгія, Данія, Швэцыя, якія былі аднымі зь першых, хто прыйшлі ў гэты фонд. І менавіта Нарвэгія зьяўляецца апэратарам гэтага фонду. Мая арганізацыя зьяўляецца адным зь разьмеркавальнікаў гэтай дапамогі. Большая частка выплат у памеры 1000 эўра, якія мы цяпер робім палітвязьням па вызваленьні, робіцца праз міжнародны гуманітарны фонд з гэтых грошай. І я адчуваю сябе дастаткова спакойна да канца года ў гэтых выплатах. Гэта значыць, што любая колькасьць палітзьняволеных, якія будуць прыходзіць зараз па дапамогу да нас, атрымае гэтую дапамогу. Што будзе далей у 2026-м годзе, пакуль пытаньне адкрытае, гэта зьвязана з рознымі тэхнічнымі момантамі.

Увогуле фандрэйзінг — гэта значыцца пошук грошай, ніколі не спыняецца і ніколі нельга быць упэўненым у тым, што ты на доўгі час забясьпечаны. Калі казаць пра абсалютныя лічбы, дык гэта дастаткова вялікія лічбы. У гэтым годзе колькасьць выплат менавіта інстытуцыйных грошай будзе значна большая чым у мінулым годзе. Мы будзем даваць справаздачу, але ўжо на сёньняшні дзень можна сказаць, што гэта больш за 250 тысяч эўра, больш за 250 кейсаў на сёньняшні дзень апрацавана дзякуючы гэтым грошам. Таксама хочацца сказаць дзякуй вялікі тым людзям, якія данаціць па-ранейшаму на агульны збор BySol. Якраз зь яго ідзе ідзе выплата такіх разовых выплат.

— Калі спраўдзіцца прагноз былога палітвязьня Сяргея Ціханоўскага пра хуткае вызваленьне ўсіх палітвязьняў, і калі ўсе яны будуць такім жа чынам выкінутыя з краіны, ці вы ўяўляеце памер дапамогі, якая ім спатрэбіцца?

— Калі выкарыстаць простую матэматыку, то 1000 чалавек памножыць на 1000 — гэта мільён эўра. І гэта той рэсурс, які трэба будзе проста знайсьці. Гэта будзе дастаткова вялікім выклікам для нас. Тут у чым сытуацыя? Чым больш яскравае і аднамомантнае вялікае здарэньне, тым больш увагі яно да сябе працягвае... Я думаю, што калі адбудзецца вось такое разавае вызваленьне, і людзей дэпартуюць прымусова, і яны будуць знаходзіцца на тэрыторыях сумежных краінаў, то тады гэта будзе ня толькі нашая задача, гэта будзе задача яшчэ і сумежных краінаў, як зрабіць так, каб гэтыя людзі захавалі сваю стабільнасьць і маглі неяк адаптавацца да жыцьця. Бо гэтыя людзі больш нікуды не паедуць, іх жа назад у Беларусь не вышлюць, яны застануцца ў гэтых краінах і будуць якімсьці чынам адаптавацца і будаваць сваё новае жыцьцё. Так што гэта будзе ўжо супольная задача, супольныя рашэньні. І я думаю, што тая сыстэма, якая цяпер існуе, будзе адчуваць велізарны ціск, але ў нас было і значна больш заяўнікаў. У 2020 годзе, напрыклад, мы такі стрэс-тэст прайшлі, што я думаю, што і гэтым разам мы справімся.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.