«Мы і далей адзіныя і непахісныя ў нашай рашучасьці абараняць адзін мільярд нашых грамадзян, абараняць альянс і гарантаваць свабоду і дэмакратыю нашых дзяржаў», — адзначаецца ў дэклярацыі.
У дакумэнце адзначаецца, што Расея застаецца крыніцай «доўгатэрміновай пагрозы эўраатлянтычнай бясьпецы». З улікам гэтага аспэкту, а таксама захаваньня пагроз тэрарызму, краіны NATO абавязаліся да 2035 году дасягнуць выдаткаў на асноўныя абаронныя патрэбы, а таксама зьвязаныя з абаронай і бясьпекай выдаткі, на ўзроўні 5 % ВУП штогод з мэтай гарантаваньня выкананьня індывідуальных і калектыўных абавязкаў, згодна з артыкулам 3 Вашынгтонскага дагавору.
Краіны Альянсу павінны да 2035 году забясьпечыць прынамсі 3,5 % ВУП штогод на фінансаваньне асноўных абаронных патрэб і выкананьне мэтаў NATO. Апроч таго, дзяржавы будуць накіроўваць 1,5 % ВУП штогод на такія мэты, як абарона крытычнай інфраструктуры, сетак, гарантаваньне гатоўнасьці і стабільнасьці грамадзянскай супольнасьці, на інавацыю і разбудову абаронна-прамысловай базы.
У 2029 годзе траекторыю і балянс выдаткаў паводле гэтага пляну будуць перагледжаны з улікам зьмены сытуацыі.
Апроч таго, краіны Альянсу пацьвердзілі, што прадоўжаць наданьне дапамогі Ўкраіне, бясьпека якой спрыяе бясьпецы NATO.
У 2026 годзе саміт NATO будзе прымаць Турэччына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаткі на абарону, Украіна і Трамп. Чаго чакаць ад саміту NATO ў Гаазе