Генпракурор Швед расказаў, колькі зваротаў атрымала «камісія па вяртаньні». Правабаронцы злавілі яго на хлусьні

Андрэй Швед, архіўнае фота

Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што «камісія па вяртаньні», створаная ў 2023 годзе, атрымала каля 300 зваротаў ад грамадзян Беларусі, якія выехалі пасьля 2020 году з краіны і хочуць вярнуцца. Праваабаронцы абвінавацілі яго ў хлусьні.

«Сёлета лік атрыманых зваротаў павялічыўся ўдвая. Грамадзяне, якія напісалі ў камісію, паведамілі аб жаданьні прыехаць на радзіму, прывезьці сюды дзяцей, гатоўнасьці жыць і працаваць на карысьць краіны, дапамагаць блізкім сваякам, многія зь якіх дасягнулі пэнсійнага ўзросту», — сказаў Андрэй Швед у інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «Беларусь сегодня».

Расказваючы аб выніках барацьбы з карупцыяй, генэральны пракурор адзначыў: галоўнае, што ўдалося зрабіць — не дапусьціць «сыстэмнага пранікненьня крыміналу ў дзяржаўны апарат».

У той жа час, паводле яго, практычна кожны пяты карупцыянэр зь ліку асуджаных — гэта кіраўнік, які сам павінен быў займацца прафіляктыкай злоўжываньняў. «Такія факты наносяць сур’ёзную шкоду аўтарытэту дзяржавы», — дадаў ён.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» назвалі маніпуляцыяй і хлусьнёй заяву Андрэя Шведа аб рэзкім росьце колькасьці зваротаў у «камісію па вяртаньні».

Праваабаронцы нагадалі: у лютым генэральны пракурор Беларусі паведаміў, што «камісія» агулам атрымала 241 заяву ад беларусаў, а за 2024 год было каля 100 зваротаў. І тады генэральны пракурор таксама гаварыў, што ў камісію «сталі зьвяртацца больш актыўна».

Але, паводле праваабаронцаў, з апошніх заяваў Шведа вынікае, што калі ў 2024 годзе «камісія» атрымала каля 100 зваротаў, то за шэсьць месяцаў 2025-га — каля 60.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы паведамілі аб сьмерці хворай на рак жанчыны — пасьля затрыманьня на мяжы і арышту
  • У лютым 2023 году Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні «камісіі па вяртаньні», у якую могуць зьвярнуцца беларусы, што пакінулі краіну на хвалі пратэстаў і жадаюць вярнуцца або даведацца пра свой праўны статус. Да заявы неабходна прыкласьці копію пашпарта, а таксама расказаць, чаму грамадзянін думае, што ў выпадку вяртаньня да яго могуць быць пытаньні ад праваахоўных органаў. Таксама ён павінен «публічна пакаяцца ва ўчыненых ім злачынствах супраць улады».
  • Рашэньне, ці зможа чалавек вярнуцца дадому, прымаюць сябры камісіі (26 чалавек), якую ўзначальвае генэральны пракурор Андрэй Швед. У склад камісіі таксама ўвайшлі кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, сэнатар Дзьмітры Баскаў, дэпутаты, чыноўнікі, шмат праўладных прапагандыстаў кшталту Грыгорыя Азаронка, Андрэя Мукавозчыка, іншыя асобы.
  • Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і праваабаронцы ня раз папярэджвалі суайчыньнікаў, якія эмігравалі, пра небясьпеку вяртаньня ў Беларусь з прычыны пагрозы арышту.
  • Вядомыя выпадкі, калі пасьля вяртаньня ў Беларусь і звароту ў камісію людзям прысуджалі турэмныя тэрміны. Так, напрыклад, у лістападзе 2023 году на 1 год калёніі за абразу Лукашэнкі асудзілі 30-гадовага берасьцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у «камісію па вяртаньні». У сьнежні 2023 году беларуска вярнулася з Польшчы праз «камісію па вяртаньні», і яе будуць судзіць. Адміністратарку пратэставых чатаў Тацяну Курыліну, якая скарысталася з ранейшай праграмы сілавікоў «Дарога дадому», асудзілі на 4,5 году калёніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
  • Людзей, якія зьвяртаюцца ў камісію, беларускія прапагандысты выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Так, тэлеканал СТВ паказаў інтэрвію з Тацянай Собаль, якая вярнулася праз «камісію». Нягледзячы на публічнае «пакаяньне», афіцыйна абвешчана, што яе чакае судовы перасьлед.
  • 17 кастрычніка 2024 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам надзяліў «камісію па вяртаньні» пры Генэральнай пракуратуры Беларусі новымі паўнамоцтвамі. Згодна з дакумэнтам, дзейнасьць камісіі набыла пастаянны характар (раней тэрмін яе працы меўся скончыцца 31 сьнежня 2024 году). Камісія таксама атрымала права разглядаць звароты ня толькі беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, але і тых, хто ў Беларусі. Праўда, звароты апошніх будуць разглядаць на падставе даручэньняў Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За ўдзел у пратэстах 2020 году асудзілі жанчыну, якая вярнулася з Польшчы


Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».