Пытаньне вельмі актуальнае для Беларусі, якая ці то ўжо мае расейскую тактычную ядзерную зброю, ці толькі яшчэ плянуецца яе завезьці. У сьвятле цяперашняй блізкаўсходняй вайны яно бачыцца трохі па-іншаму.
Сьцісла:
- Лукашэнка ўпэўнены, што наяўнасьць ядзернай зброі ўмацоўвае бясьпеку краіны, павялічвае палітычную вагу дзяржавы і ягоную асабістую.
- Імкненьне некаторых краін атрымаць ядзерную зброю выклікала востры міжнародны крызіс і заканчвалася для такіх дзяржаваў драматычна.
- Ядзерная зброя, якая мае быць разьмешчаная ў Беларусі, — расейская. З аднаго боку, гэта дах, які надае ядзерная дзяржава, але зь іншага — Беларусь робіцца закладніцаю авантурнай палітыкі Расеі.
Ці ёсьць у Беларусі ядзерная зброя?
Рашэньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) было прынята ў 2023 годзе. Тады ж Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ўпэўнівалі, што яна ўжо завезеная ў Беларусь. Аднак заходняя і украінская выведкі, а таксама незалежныя экспэрты выказвалі сумнеў у тым, што ТЯЗ зьявілася на беларускай тэрыторыі.
Сёлета ўвесну расьсьледаваньне Свабоды з дапамогай спадарожнікавых здымкаў выявіла, што цяпер актыўна мадэрнізуецца вайсковая база пад Асіповічамі, дзе мелі б захоўвацца ядзерныя боегалоўкі. То бок база для разьмяшчэньня ТЯЗ яшчэ толькі рыхтуецца. Аднак беларускія афіцыйныя асобы настойваюць, што яна ўжо тут ёсьць. Вось такая гульня ў кошкі-мышкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Асіповічах разбудоўваюць інфраструктуру для расейскай ядзернай зброі? Спадарожнікавыя здымкіПаводле афіцыйнай вэрсіі ўладаў Беларусі, ініцыятыва разьмясьціць расейскую тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ішла зь Менску. Аляксандар Лукашэнка ў 2023 годзе даводзіў: «Не ў Расеі пытаньне... Спачатку я прасіў Пуціна. Потым я настойліва па-сяброўску запатрабаваў — вярні мне пакуль гэтую зброю... Гэта было маё патрабаваньне. Гэта не Расея мне навязвала».
Навошта Лукашэнку ядзерная зброя?
Лукашэнка ўпэўнены, што наяўнасьць ядзернай зброі ўмацоўвае бясьпеку краіны, павялічвае палітычную вагу дзяржавы і ягоную асабістую, павышае перамоўныя пазыцыі ў адносінах з Захадам, стане яшчэ адным вагаром ціску на эўрапейскія краіны.
Пра гэтую зброю Лукашэнка марыў увесь час свайго кіраваньня. Яшчэ ў 1995 годзе ён прыпыняў вывад расейскіх ракет з тэрыторыі краіны. Сам Лукашэнка прызнаўся, што ён упарта пярэчыў поўнаму ядзернаму раззбраеньню Беларусі, публічна заяўляў аб магчымасьці захаваць гэтую зброю на беларускай тэрыторыі, угаворваў Барыса Ельцына адмовіцца ад пагадненьняў, але нічога гэтага не ўдалося.
Потым Лукашэнка шмат разоў шкадаваў аб вывадзе ядзернай зброі з краіны, называў яго «грубай памылкай, калі не злачынствам». Напрыклад, у 2010 годзе ён казаў: «Мне давялося падпісваць гэтую дамову, бо падзецца не было куды: на мяне ціснулі і Расея, і амэрыканцы, бо паабяцалі. Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы, у рэшце рэшт, павінны былі прыстойна прадаць... Калі б у нас была гэтая зброя, з намі б зараз па-іншаму размаўлялі».
Пасьля ваеннага канфлікту паміж NATO і Югаславіяй у 1999 годзе Лукашэнка заўважыў, што краіны зь ядзернай зброяй ніхто не бамбіць. А 9 чэрвеня 2023 году падчас перамоваў з Пуціным у Сочы ён заяўляў: «Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсьць такая зброя».
Магчыма, і будаўніцтва АЭС у значнай ступені тлумачыцца лёгікай ператварэньня краіны ў ядзерную дзяржаву. Няхай гэта і мірны атам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь завезьлі машыны расейскага «ядзернага» ведамства. Яны прымуць удзел у парадзе. ФОТАЦі ёсьць ядзерная зброя гарантыяй бясьпекі?
І вось мара Лукашэнкі робіцца рэальнасьцю. Але ці сапраўды ядзерная зброя служыць гарантыяй бясьпекі? Гэтае пытаньне становіцца больш актуальным падчас цяперашняй атакі Ізраілю і ЗША на іранскія ядзерныя аб’екты.
У гэтым пытаньні існуе шмат аспэктаў і нюансаў. Маецца розны досьвед. З аднаго боку, Ізраіль, Паўночна Карэя, Індыя, Пакістан займелі ядзерную зброю, і гэта ўмацавала іх бясьпеку.
Але маецца нямала прыкладаў таго, як імкненьне некаторых краін завесьці ядзерную зброю выклікала востры міжнародны крызіс і заканчвалася для такіх дзяржаваў драматычна.
Жаданьне Фідэля Кастра разьмясьціць на Кубе савецкія ракеты, якія маглі несьці ядзерныя боегалоўкі, вылілася ў Карыбскі крызіс 1962 году. Кіраўніцтва СССР адмаўляла наяўнасьць ракет на востраве, ЗША пагражалі бамбіць базы іх дысьлякацыі, а таксама савецкія караблі. Сьвет быў напярэдадні ядзернай вайны. Маскве і Гаване давялося саступіць.
Рэжым Садама Хусэйна ў Іраку доўгія гады блефаваў, рабіў намёкі на існаваньне зброі масавага паражэньня, гуляў у кошкі-мышкі з інспэктарамі МАГАТЭ (то дапускаў, то не дапускаў іх на ядзерныя абʼекты), лічыў, што вядзе тонкую гульню. Закончылася ўсё трагічна для яго. У 2003 годзе кааліцыя на чале з ЗША зрынула ягоны рэжым, самога Саддама Хусэйна асудзілі на сьмерць. Ніякай зброі масавага зьнішчэньня не знайшлі. Аднак блеф і рызыкоўная гульня зь ядзернай зброяй дорага каштавалі.
Іран і ягоная ядзерная праграма
І вось цяпер Іран. Дыскусіі пра тое, ці сапраўды рэжым аятолаў стварае ядзерную зброю, працягваюцца. Іранскае кіраўніцтва ўвесь час адмаўляла існаваньне такіх плянаў. Ізраіль настойваў, што да стварэньня ядзернай зброі заставалася некалькі тыдняў ці месяцаў.
Аднак ёсьць шмат падставаў падазраваць кіраўніцтва Ірану ў няшчырасьці ў гэтым пытаньні. Звычайна праграму мірнага атаму рэалізуюць краіны, у якіх няма іншых крыніц энэргіі. Іран мае велізарныя нафтавыя і газавыя запасы. З прычыны вядзеньня ядзернай праграмы краіна трапіла пад беспрэцэдэнтныя эканамічныя санкцыі, якія вельмі нэгатыўна ўплываюць на эканоміку. Тым ня менш, кіраўніцтва краіны ідзе на велізарныя ахвяры дзеля таго, каб актыўна разьвіваць ядзерную праграму. Гулялі з агнём, дагуляліся да пажару.
Вернемся да Беларусі. Кіраўніцтва дзяржавы таксама вядзе рызыкоўную гульню. І з увагі на цяперашні іранскі досьвед у новым сьвятле паўстае пытаньне: ядзерная зброя — гарантыя бясьпекі ці крыніца небясьпекі?
Адрозьненьне беларускага выпадку ў тым, што ядзерная зброя, якая мае быць разьмешчаная тут, — расейская. З аднаго боку, дах, які надае ядзерная дзяржава, — моцная страхоўка ад розных нечаканасьцяў, рызыкаў, ад паўтору лёсу Ірану.
Але, зь іншага боку, гэта і мінус. Бо Беларусь становіцца закладнікам авантурнай палітыкі Расеі зь яе вялікадзяржаўнымі амбіцыямі. Менск вымушаны гуляць у чужую, маскоўскую гульню. З усімі нэгатыўнымі наступствамі.
Ці моцны расейскі дах?
І яшчэ адзін фактар. Іран, як і Беларусь, нібыта саюзьнік Расеі. Ці моцна Масква дапамагла Тэгерану? Дарэчы, гэтае пытаньне задавалі і пасьля краху сырыйскага рэжыму летась.
Нарэшце, варта нагадаць, што сыстэма супрацьпаветранай абароны (СПА) Ірану складалася ў асноўным з расейскіх комплексаў С-300, С-400, С-500. Тыя ж ракеты на ўзбраеньні СПА Беларусі. І выявілася, што іранская сыстэма супрацьпаветранай абароны цалкам бездапаможная перад сродкамі атакі, якія выкарыстоўваў Ізраіль. А гэта ў асноўным зброя, заснаваная на сучасных заходніх тэхналёгіях.
80 гадоў, з моманту зьяўленьня ядзернай бомбы, гэтая зброя і ў тэорыі, і на практыцы была сродкам стрымліваньня. То бок яна прызначалася для папярэджаньня патэнцыйнага праціўніка, а не для практычнага ўжываньня. Вайна ва Ўкраіне, пагрозы Пуціна ўжыць гэтую зброю рэзка зьніжаюць ядзерны парог. Гэта крок да таго, каб ядзерная зброя ператварылася ў рэальны інструмэнт вайны. І менавіта ў гэты момант яна зьяўляецца ў Беларусі.
У кожным разе іранскі ўрок вельмі важны для рэфлексіі і роздуму.