Як Сяргей Ціханоўскі сустрэўся ў Варшаве зь беларусамі. Відэарэпартаж

Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія, Павал Латушка на мітынгу ў Варшаве 26 чэрвеня 2025 году

На мітынг у цэнтар польскай сталіцы Сяргей Ціханоўскі прыйшоў з сваёй жонкай Сьвятланай Ціханоўскай, якая таксама выступіла перад прысутнымі. Гэта была ягоная першая сустрэча зь беларусамі пасьля пяці гадоў зьняволеньня. Свабода пагаварыла з удзельнікамі сустрэчы.

«Я зламлю гэты рэжым»

«Я зламлю гэты рэжым», — заявіў былы палітвязень, відэаблогер, аўтар праекту «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі на мітынгу беларусаў Варшавы ўвечары 26 чэрвеня, перадае «Позірк».

«Асабіста я зьбіраюся гэты рэжым зламаць, як і той турэмны. Калі вы будзеце слаба дапамагаць ці ня будзеце дапамагаць наагул, я ўсё роўна буду ламаць гэты рэжым», — сказаў ён.

Ціханоўскі выказаў суайчыньнікам падзяку за сваё вызваленьне, аднак адзначыў, што ня бачыць у іх столькі аптымізму і веры, як у 2020 годзе.

«Калі вы ў мяне паверыце, я абяцаю зрабіць усё, каб вы вярнуліся ўсе ў Беларусь і там былі сапраўдныя, сумленныя, дэмакратычныя выбары», — сказаў Ціханоўскі.

Паводле яго, ёсьць вялікая розьніца паміж беларусамі, якіх ён бачыў у Горадні 29 траўня 2020 году, перад затрыманьнем, і цяперашнімі.

«Тыя беларусы верылі ў перамены, а гэтыя беларусы, як я гляджу, нейкія прыгнечаныя, запалоханыя. Давайце ўжо, хлопцы, усё ж такі, калі мы хочам нешта зрабіць, пазбудземся гэтага пачуцьця. У мяне яго не было, няма і ніколі ня будзе», — заявіў Ціханоўскі.

Былы палітвязень паведаміў пра намер зьдзейсьніць «маленькае турнэ» па Польшчы, Нямеччыне, ЗША, Канадзе для сустрэчаў зь беларусамі. Ён таксама зьбіраецца пагаварыць з журналістамі і блогерамі, каб яны «наперад ведалі, што будзе адбывацца».

Ціханоўскі коратка апавёў пра сваё ўвязьненьне ў калёніі і становішча іншых вязьняў:

«Вы не ўяўляеце, што там дзеецца. Папраўдзе хоць мой рэжым і можна назваць „жэстачайшым“ (я яго так называў), калі няма ні лістоў, ні званкоў, ні адвакатаў, ня можаш купіць ні гарбаты, ні кавы, ні зубной шчоткі, ні мыла — гэта кашмар. Але выяўляецца — я ўжо цяпер пагутарыў зь іншымі, хто выйшаў — у мяне гэта быў яшчэ літасьцівы рэжым, бо мяне ня білі і мне ня трэба было рэзаць сябе, як гэта рабілі іншыя, каб трапіць у лякарню. Людзі ў такім стане знаходзяцца, і ніхто пра іх ня ведае».

Пасьля гэтых словаў Ціханоўскі заплакаў.

Блогер плянуе заняцца пытаньнямі вызваленьня астатніх палітвязьняў. Паводле яго, рэжым мае намер вызваліць усіх, што дазволіць весьці размову пра зьняцьце часткі санкцыяў.

«Пра тое, што трэба рабіць, я ўжо сказаў прэзыдэнту Дуду, пану [міністру замежных спраў] Сікорскаму. Я скажу тут кожнаму прэмʼеру і прэзыдэнту ў Эўразьвязе, ЗША, Канадзе і іншых краінах: падрыхтуйце новы, магутны пакет санкцыяў супраць дыктатара Лукашэнкі. Ня ўводзьце іх, прынясіце яму, пакладзіце на стол і скажыце: калі гэтыя палітвязьні ня выйдуць, то мы іх увядзём. Навошта табе гэтая тысяча чалавек, калі ты ўжо выпусьціў трыста?» — сказаў прамоўца.

На мітынг у цэнтар польскай сталіцы Ціханоўскі прыйшоў з сваёй жонкай Сьвятланай, якая таксама выступіла перад прысутнымі, падзякаваўшы за вызваленьне мужа прэзыдэнтам ЗША і Польшчы, эўрапейскім палітыкам і простым беларусам.

Яе намесьнік у Абʼяднаным пераходным кабінэце, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павел Латушка параўнаў Ціханоўскага са зьнішчальнікам F-35.

«У нас ёсьць права здацца, калі ён вытрымаў пяць гадоў? Няма. Дык вось, да гэтага F-35 мы будзем прыкладаць ядзерную бомбу», — заявіў Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць ад другога прышэсьця Ціханоўскага?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стрыжак: Калі прагноз Ціханоўскага спраўдзіцца, спатрэбіцца як найменей 1 мільён эўра на разавыя выплаты палітвязьням