Паводле праваабаронцаў «Вясны», у турмах Беларусі зараз утрымліваюць 1170 палітычных зьняволеных. Паводле ініцыятывы dissidentby, іх там яшчэ больш — 1287 чалавек.
На сваёй першай прэсавай канферэнцыі ўжо былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі расказаў, што насамрэч палітзьняволеных у турмах Беларусі можа быць нашмат больш, а пра некаторых зь іх ня ведаюць ні родныя, ні журналісты, ні праваабаронцы.
«„Вясна“ называе лік 1170. Але ёсьць людзі, якія селі паводле іншых артыкулаў, напрыклад, 328-га (так званы „наркатычны“ артыкул Крымінальнага кодэксу. — РС). У іх статус „экстрэмістаў“, яны сталі „экстрэмістамі“ ўжо за кратамі. І гэтых людзей таксама трэба выцягваць. Іх шмат, гэтых людзей. Пра іх ніхто ня ведае», — казаў Сяргей Ціханоўскі.
Ён прывёў прыклад Дзьмітрыя Гуціча, якога асудзілі паводле «наркатычнага» артыкулу. Зь ім Ціханоўскі перасякаўся ў жодзінскай турме № 8. З словаў былога палітвязьня, Гуціч цішком перадаў яму стрыжань для асадкі, каб Ціханоўскі мог напісаць ліст родным. Для Гуціча гэты крок меў цяжкія наступствы.
Сяргей Ціханоўскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні, 22 чэрвеня 2025
«Яго за гэта караюць, ставяць на „прафулік“ („прафіляктычны ўлік“. — РС). Яго ўжо двойчы ў турму праз гэты „прафулік“ адпраўлялі. Гэта ўжо наш чалавек. У сьпісах праваабаронцаў такіх няма. Але іх таксама трэба ратаваць.
Я толькі пра некаторых магу расказаць. А ў Беларусі 30 турмаў», — эмацыйна казаў Ціханоўскі.
«Калі б злавілі, маглі б дадаць статус „экстрэміста“»
Былога палітзьняволенага Віктара Пархімчыка спачатку асудзілі на «хімію» з накіраваньнем «у кароўнік», пасьля зьмянілі пакараньне на больш жорсткае. Даседжваў свой тэрмін ён у шклоўскай калёніі № 17. Пархімчык таксама расказвае, што сутыкаўся з выпадкамі, калі звычайных крымінальнікаў рабілі «экстрэмістамі» ўжо за кратамі.
«Са мной на этапе ехаў хлопец, які мэтанакіравана рабіў парушэньні, каб яго перавялі зь „хіміі“ ў калёнію — бо ў калёніі „хімікам“ залічваюць адзін день за два. У яго быў наркатычны артыкул 328, частка 1. Ён зьбягаў зь „хіміі“, міліцыянты шукалі яго, ён ім дапёк. І яму зьмянілі рэжым на калёнію. У Шклове яму наляпілі гэтую жоўтую бірку „экстрэміста“.
Быў у калёніі адзін чалавек, які адбываў пакараньне паводле эканамічнага артыкулу, а потым высьветлілася, што ён удзельнічаў у акцыях пратэсту — яму таксама павесілі жоўтую бірку. За размовы на палітычныя тэмы, калі стукач „здаў“, можна атрымаць статус „экстрэміста“. Ну і за дапамогу палітычным», — кажа Віктар.
Магілёўская калёнія №15, архіўнае фота
Суразмоўца таксама ўзгадаў, як асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў употай падтрымлівалі «палітычных» за кратамі. Ён з удзячнасьцю ўзгадвае хлопца, асуджанага «за наркотыкі», які працаваў у шклоўскай калёніі на шыцьці абутку. Той хлопец зрабіў скураны раменьчык для гадзіньніка і падараваў Віктару.
«А гэта катэгарычна забаранялася — рабіць „шырспажыў“. Калі б яго злавілі, маглі б дадаць статус „экстрэміста“. Дзякуй Богу, ніхто ня „здаў“ хлопца», — кажа Віктар.
«Гэта практычна не выходзіць навонкі»
Ганна Скрыган — былая палітзьняволеная. Яе асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу (за «распальваньне варожасьці». — РС). Ганна адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4. Памілавалі ў верасьні 2024 году.
«У суседнім атрадзе была жанчына пэнсійнага ўзросту, асуджаная паводле крымінальнага артыкулу. Яе неяк справакавалі на „палітычныя“ размовы, і тая неляяльна выказалася на адрас улады. Пра гэта данесьлі кіраўніцтву, ёй начапілі жоўтую бірку — ужо ў калёніі ўнесьлі ў сьпіс „экстрэмістаў“.
Дзяўчаты, якія вызваліліся пасьля мяне, таксама апавядалі пра такія выпадкі: калі людзі выказаліся ў калёніі або калі іх ужо зьняволілі ў крымінальнай справе, а потым у міліцыі ўважліва вывучылі тэлефон, знайшлі нейкія падпіскі, фота, такім людзям пасьля „навешваюць“ дзясятую „экстрэмісцкую“ катэгорыю.
Фактычна толькі ад тых, хто выходзіць з калёніі, мы можам даведацца, каго зь людзей, асуджаных спачатку паводле чыста крымінальных артыкулаў, дадалі ў сьпіс экстрэмістаў. І ніяк інакш. Гэта робіцца ўнутры калёніі і практычна не выходзіць навонкі», — сьцьвярджае Ганна.
Жоўтыя біркі
Ці магчыма прызнаць палітвязьнямі людзей, якіх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў і ўжо за кратамі надалі статус «экстрэмістаў»?
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка тлумачыць, што мэханізм прызнаньня асуджанага палітвязьнем вызначаны і працуе даволі эфэктыўна. Але ня ўсе асуджаныя з палітычных матываў або іх сваякі зьвяртаюцца да праваабаронцаў. Людзі часта баяцца перасьледу і наступстваў публічнасьці. Таму тэарэтычна ў калёніях палітвязьняў можа быць больш, чым пра гэта гавораць праваабаронцы.
«У выпадках, калі людзі зь нейкіх прычынаў ня хочуць розгаласу аб сваёй палітычна матываванай справе, яны могуць зьвярнуцца ўжо пасьля таго, як адбылі пакараньне. І іх унясуць у сьпісы ўжо былых палітзьняволеных. У нас ёсьць такія заявы. Нефармальна мы іх называем „заявамі аб прызнаньні былымі палітзьняволенымі“. Гэта не зусім дакладна, але сэнс перадае», — кажа юрыст «Вясны».
Бірка палітзьняволенага Станіслава Паўлінковіча, архіўнае фота
Павал Сапелка выказвае падзяку ўсім асуджаным у крымінальных справах за падтрымку «палітычных» у калёніях, за дапамогу і рызыку.
«Але яны ад гэтага не становяцца палітзьняволенымі. Калі іх за гэтую дапамогу караюць, рэпрэсуюць — трэба разглядаць асобна кожны выпадак. Калі будзе выяўлена, што чалавеку падоўжылі пакараньне за дапамогу палітзьняволеным і дадалі тэрмін паводле 411 артыкулу (нібыта „за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі“) — іх можна прызнаць палітзьняволенымі на тэрмін падаўжэньня. Калі не — ёсьць іншыя формы грамадзянскай салідарнасьці. Пасьля выхаду іх можна падтрымаць, арганізаваць нейкія зборы ў падтрымку.
Я не выключаю, што ў калёніях ёсьць людзі, несправядліва асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў. І яны дапамагаюць, падтрымліваюць палітычных. Але гэта ня робіць іх палітзьняволенымі, не запускае мэханізм прызнаньня палітвязьнямі», — тлумачыць юрыст «Вясны».
Гэта, аднак, не павінна перашкаджаць грамадзтву падтрымліваць людзей у любых формах, нагадвае спадар Сапелка.
Былы палітзьняволены Віктар Пархімчык перакананы, што найперш трэба даведацца, ці хоча сам вязень, асуджаны паводле палітычных артыкулаў, розгаласу і дапамогі.
«Адзін чалавек з жоўтай біркай быў са мной у СІЗА Берасьця і ён не хацеў, каб пра яго даведаміся праваабаронцы, — каб не ўскладняць сабе і сваім родным жыцьцё. Часам родныя ня хочуць, каб інфармацыя пашыралася. Да гэтага трэба ставіцца далікатна.
Я казаў пра такіх людзей праваабарончым структурам, якім давяраю. Запісаў зьвесткі пары чалавек і вынес з зоны — але зь іхнага дазволу. Ня буду называць прозьвішчаў, бо людзі у Беларусі. І іх дадалі ў базу. Ім дапамаглі. Вось такі спосаб можа працаваць», — мяркуе Пархімчык.