ЗША і Кітай падпісалі пагадненьне аб гандлі, плянуецца падпісаць аналягічны дакумэнт зь Індыяй, паведаміла агенцтва AP з спасылкай на заяву амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа.
Раней міністар гандлю ЗША Говард Лутнік заяўляў на Bloomberg TV, што пагадненьне падпісалі раней на гэтым тыдні, але ніякіх дэталяў аб дакумэнце не паведамлялі.
«Мы толькі што падпісалі яго з Кітаем на днях», — сказаў Дональд Трамп позна ўвечары 26 чэрвеня.
27 чэрвеня ў Міністэрстве гандлю Кітаю паведамілі, што абодва бакі «дадаткова пацьвердзілі падрабязнасьці рамкавай угоды». Але ведамства ня згадвае пра доступ ЗША да рэдказямельных мінэралаў, што выкарыстоўваюцца ў высокатэхналягічных галінах і якія былі ў цэнтры перамоваў.
«Кітай ухваліць заяўкі на экспарт кантраляваных тавараў, якія адпавядаюць умовам, у адпаведнасьці з заканадаўствам. Злучаныя Штаты адпаведна скасуюць шэраг абмежавальных захадаў супраць Кітаю. Спадзяемся, што Злучаныя Штаты і Кітай пойдуць адно аднаму насустрач», — адзначаецца ў паведамленьні ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп падпісаў указ аб увядзеньні новых мытаў на імпарт у ЗША для 180 краін. Беларусь і Расея ў сьпіс не ўваходзяцьУ пачатку красавіка Дональд Трамп абвясьціў «дзень вызваленьня» амэрыканскай эканомікі і ўвёў мытныя зборы на тавары з 185 краін і тэрыторыяў, уключаючы найбліжэйшых партнэраў ЗША. Праз тыдзень пасьля гэтага ён часова прыпыніў выкарыстаньне павялічаных тарыфаў, зьнізіў базавую стаўку да 10% для ўсіх краін, акрамя Кітаю. Улады КНР у адказ павялічылі ўвазныя тарыфы для амэрыканскай прадукцыі. У выніку да 11 красавіка агульныя тарыфы на тавары з Кітаю для ЗША склалі 145%, а на тавары з ЗША для Кітаю — 125%. Аднак ужо ў сярэдзіне траўня бакі дамовіліся іх зьнізіць: ЗША — да 30%, а Кітай — да 10%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай у адказ на дзеяньні Трампа павышае мыта на тавары з ЗША з 84 да 125%