«Нядаўнія ўдары па ядзерных аб’ектах Ірану, якія знаходзяцца пад кантролем МАГАТЭ, самым небясьпечным чынам парушаюць палажэньні міжнароднага права, уключаючы Дагавор аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі і Жэнэўскія канвэнцыі 1949 году», — сказаў Лукашэнка на саміце Эўразійскага эканамічнага саюзу.
«Ня буду нават казаць аб адчуваньнях, якія такія дзеяньні выклікаюць у Беларусі — краіне, якая найбольш пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тады радыеактыўныя ападкі зафіксавалі нават у Вялікай Брытаніі, Нямеччыне і Швэцыі. Мяркуюць, напэўна, што цяпер не накрые. Асабліва краіну, якая ўчыніла падобныя дзеяньні», — заявіў Лукашэнка.
Пасьля гэтага ён прапанаваў паслухаць відэазварот прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна, які ня змог прыехаць на саміт у Менск праз абвастрэньне сытуацыі на Блізкім Усходзе. Іран мае статус назіральніка ў ЭАЭС.
У відэазвароце Масуд Пэзэшкіян заявіў, што ня змог прыехаць у Менск праз удар і атакі «сіянісцкага рэжыму» на Іран.
«Гэтая агрэсія адбылася ў працэсе перамоў паміж Рэспублікай Іран і ЗША аб мірнай ядзернай праграме Ірана, і ў часе яе атакавалі мірныя ядзерныя аб’екты. [...] Гэта зьяўляецца парушэньнем усіх міжнародных правілаў і наносіць непапраўны ўдар па статусе рэжыму нераспаўсюджаньня ядзернай зброі з боку сталага сябра Рады бясьпекі ААН», — заявіў прэзыдэнт Ірану.
У той жа час аб маштабах пашкоджаньня ядзерных аб’ектаў ён нічога не паведаміў.
Удары па ядзерных аб'ектах Ірану наносіў Ізраіль, а пазьней ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ў нядзелю бамбілі Іран. Што варта ведаць пра (патэнцыйна) пераломную падзею ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль атакаваў неактыўны ядзерны рэактар; Іран ударыў па ізраільскім шпіталі