Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы елі мышэй, туалетную паперу, чарвякоў». Марпех з вострава Зьмяіны пра катаваньні і голад ў палоне за фразу аб «расейскім караблі»


Украінскі знак на востраве Зь
Украінскі знак на востраве Зь

Украінскі марскі пяхотнік Уладзіслаў Задорын служыў у гарнізоне на востраве Зьмяіны, дзе адзін з вайскоўцаў у першыя дні вайны вымавіў у этэры знакамітую фразу «Расейскі вайсковы карабель, ідзі на х*й».

Уладзіслаў Задорын быў захоплены Расеяй разам з 80 калегамі ў палон, дзе правёў 679 дзён. Там вайскоўцы зь Зьмяінага сутыкнуліся ня проста з голадам, пабоямі і зьдзекамі, як многія іншыя ўкраінскія палонныя, але і з аўдыёправеркамі, пры дапамозе якіх расейскія спэцслужбы спрабавалі вызначыць аўтара нецэнзурнай рэплікі.

Пасьля амаль двух гадоў у палоне Ўладзіслава ўдалося абмяняць. Ён вярнуўся ва Ўкраіну ў студзені 2024 году і нядаўна прыняў удзел у канфэрэнцыі Globsec у Празе, значная частка якой была прысьвечана вайне ва Ўкраіне. У яе кулюарах ён паразмаўляў з карэспандэнтам украінскай службы Радыё Свабода — пра жыцьцё ў палоне і пра тое, як яму давялося чытаць пад запіс дзіцячыя казкі для ФСБ.

Фраза «Расейскі вайсковы карабель, ідзі на х**!» была вымаўлена ўкраінскім памежнікам з вострава Зьмяіны ў Чорным моры ў адказ на патрабаваньне аб капітуляцыі, перададзенае па радыё з расейскага вайсковага карабля ў першы дзень поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ў лютым 2022 году.

Гэтыя словы хутка сталі віруснымі ва Ўкраіне, спарадзіўшы мэмы, саколкі і нават паштовую марку. Для ўкраінцаў гэта быў зьмястоўны і магутны сымбаль непадпарадкаваньня нацыі перад абліччам расейскага ўварваньня. Сьцяна народнага супраціву разбурыла шырока распаўсюджаныя чаканьні, якія былі ў тым ліку ў Крамлі, што Ўкраіна будзе заваявана на працягу некалькіх дзён ці тыдняў.

Прыкладна 80 украінскіх вайскоўцаў, якія былі на востраве Зьмяіны ў той дзень, спачатку лічыліся забітымі. Але насамрэч яны былі ўзятыя ў палон расейскімі вайскоўцамі, якія спачатку абстралялі, а затым акупавалі востраў. Шырокая вядомасьць, якую атрымала фраза пра «расейскі вайсковы карабель», азначала, што палонныя зь Зьмяінага пасьля захопу сутыкнуліся з асабліва жорсткімі зьдзекамі з боку расейскіх вайскоўцаў.

Задорын тлумачыць, што ў спробе высьветліць аўтара нецэнзурнай фразы расейскія ўлады падвергнулі яго і іншых палонных з гарнізону выспы аўдыётэставаньню.

«Мяне восем разоў вадзілі на абсьледаваньне. Мне давалі дзіцячыя казкі, якія я павінен быў чытаць, — распавёў Задорын, які звольніўся з марской пяхоты Ўкраіны ў званьні старэйшага матроса. — Я зь першага разу зразумеў, што нешта ня так, і кожны раз мяняў голас — мяняў тон, хрыпы і гэтак далей, каб іх як мага болей заблытаць».

Задорын кажа, што фізычны гвалт з палонных стаў асабліва жорсткім пасьля таго, як у красавіку 2022 году ўкраінскімі ракетамі быў падбіты і патоплены карабель, які запатрабаваў ад памежнікаў капітуляваць, — ракетны крэйсэр «Масква», флагман Чарнаморскага флёту Расеі.

Паводле словаў Задорына, пасьля затапленьня «Масквы» ён і яго таварышы «лёталі па калідоры, як падушкі» — ад удараў, якія ім наносілі ахоўнікі.

У расейскіх турмах, дзе трымалі яго і іншых украінскіх палонных, зьдзекі аховы былі паўсядзённай рэальнасьцю. Ён параўноўвае гэтыя турмы з канцэнтрацыйнымі лягерамі:

«Калі прыбраць газавыя камэры і крэматорыі, то там адбывалася менавіта гэта», — заўважае ён.

Задорын кажа, што жыве зь фізычнымі наступствамі палону і жорсткага абыходжаньня ў калёніі, уключаючы пашкоджаньні хрыбетак, па якіх яго білі малатком, праблемы з мачавым пухіром і чэрапна-мазгавую траўму. «Я час ад часу губляю зрок», — прызнаецца ён.

«Мы сутыкнуліся там зь бязьмежным гвалтам, як фізычным, так і маральным», — кажа ён. А таксама з «прыніжэньнем і русыфікацыяй» — напрыклад, у форме прымусовых урокаў гісторыі Расеі і Ўкраіны, якая, паводле яго слоў, была «цалкам скажоная» у адпаведнасьці з наратывамі, якія прасоўваюць Уладзімір Пуцін і яго ўрад.

«Было шмат згвалтаваньняў, кастрацый. Калі яны білі нас гумовай палкай, яны падыходзілі і задавалі пытаньні: ‚Табе падабаецца фуа-гра? Ты еў фуа-гра? ’ І калі ты [кажаш, што еў], табе б’юць па печані, — расказвае ўкраінскі ваеннапалонны.

І гэта — самае малое з таго, што яны рабілі з палкай, бо шмат хлопцаў былі згвалтаваныя, — падкрэсьлівае Задорын. — І калі спачатку яны гэта рабілі, калі дапытвалі нас, каб атрымаць нейкую інфармацыю, то празь некаторы час яны рабілі гэта проста дзеля забавы. Бо ім трэба было нечым заняцца, пацешыцца’.

Пазьней, паводле яго слоў, у турму па чарзе прыходзілі новыя групы сьледчых: ‚Яны вучыліся, як правільна нас біць, як дапытваць украінцаў, каб гэтак жа дапытваць расейцаў’, — расказвае былы палонны.

‚І мы былі як баксэрскія грушы, на якіх яны практыкаваліся: куды біць электрашокерам, каб паралізаваць цела, як правільна падлучацца да 220 вольтаў, як выкарыстоўваць ‚тапік’ (палявы тэлефон, які выкарыстоўваецца для катаваньняў расейскімі вайскоўцамі — рэд.), як біць па нырках, — успамінае ён. — Напрыклад: калі б’еш па пятках, то цярпяць ныркі. Мы ўсё гэта ведаем, мы праз гэта праходзілі, і гэта наш горкі досьвед».

Але самым страшным, па словах Задорына, для яго асабіста быў нават ня столькі фізычны гвалт, колькі пастаянны голад. Калі марпех патрапіў у палон, ён важыў 120 кг, калі яго вызвалілі — толькі 60 кг.

«Мы елі мышэй, туалетную паперу, гаспадарчае мыла, смаўжоў, чарвякоў — усё, што маглі зьесьці», — прызнаецца ён. Марпех расказвае, што яго і ягоных таварышаў-вязьняў, па сутнасьці, марылі голадам: давалі «тры кавалкі чорнага хлеба ў дзень, зьмяшанага зь пілавіньнем або пяском».

«Яны рабілі гэта знарок. Альбо хлеб быў зацьвілым, альбо яго было немагчыма есьці зь якой-небудзь іншай прычыны. Але мы елі яго, бо хацелі жыць», — падкрэсьлівае ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG