Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі архібіскупам Іньяца Чафаляй прайшла ў Мінску 26 чэрвеня. Пра гэта піша «Позірк» са спасылкай на «Інстаграм» дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноскі.
Паводле яго слоў, Чафаля прадставіў біскупам дакумэнт Сьвятога Пасаду аб сваім прызначэньні.
Як паведамляе партал katolik. life, «вернікі спадзяюцца, што прыбыцьцё ў Беларусь новага нунцыя паспрыяе хутчэйшаму вызваленьню» затрыманых у Беларусі сьвятароў.
25 сакавіка цяпер нябожчык папа рымскі Францішак, прызначыў Чафалю апостальскім нунцыем у Беларусі, адначасова надаўшы дыплямату сан архібіскупа.
Новы прадстаўнік папы рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 году. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 6 жніўня 2003 году. Быў накіраваны ў дыяцэзію П’яна-дэл’і-Альбанэзі. Вывучаў кананічнае права. Дыпляматычную службу пачаў 1 ліпеня 2006 году.
Працаваў у апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайляндзе, сталай місіі пры Радзе Эўропы ў Страсбуры, сэкцыі па адносінах зь дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкану і да апошняга часу — у Вэнэсуэле.
Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 году, калі яе пакінуў архібіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпляматычным прадстаўніком папы ў Грузіі і Армэніі.
Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 13 сакавіка папу рымскага Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, выказаў думку, што супрацоўніцтва Менску і Ватыкану пасьпяхова разьвіваецца.
На яго думку, з адкрыцьцём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Сьвятым Пасадзе гэтыя адносіны дасягнуць «якасна новага ўзроўню».
8 траўня Лукашэнка павіншаваў Льва XIV з абраньнем папам рымскім і запрасіў яго ў Беларусь. Фактычна кіраўнік Сьвятога Пасаду ня можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфэсія або рэлігія, бяз згоды адпаведнага рэлігійнага лідэра. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасьцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева).
Але ня ўсе папы трымаюцца гэтага негалоснага правіла.
- У чэрвені 2001 году папа Ян Павел ІІ (Караль Вайтыла) наведаў Украіну бяз згоды тагачаснага маскоўскага патрыярха Аляксія ІІ. У адказ Аляксій ІІ падчас знаходжаньня Яна Паўла ІІ ва Ўкраіне зрабіў турнэ па Беларусі ўздоўж беларуска-украінскай мяжы.
- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і каталіцкай царквы ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.
- Паводле дадзеных ініцыятывы «Хрысьціянская візія», на 25 чэрвеня з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася ня менш за 38 сьвятароў.
Форум