21 чэрвеня 2025 году пасьля амаль двух гадоў зьняволеньня быў вызвалены журналіст і палітзьняволены Ігар Карней.
57-гадовы Ігар Карней — былы журналіст Радыё Свабода, больш за 20 гадоў асьвятляў на нашых радыёхвалях і вэб-сайце жыцьцё і падзеі ў Беларусі.
Ігар таксама вядомы як трэвэл-блогер і аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі.
Карнея затрымалі ў Менску 17 ліпеня 2023 году. 22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў. Рэпартэра пакаралі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бяз зьмены.
13 сьнежня 2024 году Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітзьняволеным.
У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.
Вядома, што ў зьняволеньні Ігар схуднеў на 17 кіляграмаў. Ён мае праблемы з сэрцам.
16 студзеня 2025 году на дзяржаўным беларускім тэлеканале АНТ паказалі прапагандысцкі фільма пад назвай «Свабода слова» пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь». Тады ў 20-хвілінным роліку паказалі і Ігара Карнея. У сюжэце паказалі, як Ігара Карнея прывялі на «гутарку» у кайданках, якія пасьля зьнялі зь ягоных рук, паставіўшы тварам да сьцяны. На відэа Ігар выглядае схуднелым і зьнясіленым, моцна згорбленым.
Ігару Карнею 57 гадоў, у яго чацьвёра дачок. Сям'я была вымушаная зьехаць зь Беларусі.
Форум